АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ,
Аблвыкамзах, першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-та Зах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Нестеренко Е.Н., Осмоловский В.П. Советы Белоруссии, окт. 1917 — янв. 1919 г. Мн., 1989.
т. 1, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)